У апошні дзень зімы 2020-га на сцэне Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы адбыўся інклюзіўны спектакль з удзелам выхаванцаў Сямейнага інклюзіў-тэатра «і».

Для сацыяльна-культурнага жыцця краіны гэтая падзея важная з розных прычын.
Па-першае, якасная творчая калабарацыя ўзмацняе любы праект. Па-другое, выступ дзяцей з аўтызмам на галоўнай сцэне краіны дапамагае беларускаму грамадству зразумець, што талент не вызначаецца знешнімі ці фізічнымі асаблівасцямі, усе людзі маюць роўныя правы і аднолькава заслугоўваюць павагі.
Урэшце, самая смачная разынка інклюзіўнага спектакля ў Купалаўскім — тое, што ён адбыўся супольнымі сіламі арганізатараў і грамадства. Падрабязней пра важны сацыяльны праект, які аб’яднаў дзяржаўны і дабрачынны тэатры, а таксама атрымаў шырокую падтрымку грамадства — у кейсе Сямейнага інклюзіў-тэатра «і» і PR-студыі Sette.

Мэта агенцтва:
Данесці мэсэдж, што любы чалавек, незалежна ад асаблівасцяў здароўя і знешнасці, мае права актыўна ўдзельнічаць у сацыяльным жыцці, заслугоўвае павагі і прызнання ўласнага таленту.
Задачы агенцтва:
1. Стварыць магчымасць для выступу акцёраў Сямейнага інклюзіў-тэатра «і» на адной з найважнейшых тэатральных сцэн Беларусі;
2. Растлумачыць, што інклюзія — найперш пра роўныя правы, а не пра інваліднасць;
3. Прыцягнуць да ўдзелу аўтарытэтных культурных дзеячаў і лідараў меркаванняў;
4. Матываваць грамадства актыўна ўдзельнічаць у пастаноўцы: не толькі ў якасці гледачоў, але і суарганізатараў.
Тэатр пачынаецца з…
Сямейны інклюзіў-тэатр «і» з’явіўся ў 2016 годзе. Днём нараджэння тэатра лічыцца 2 красавіка — Сусветны дзень распаўсюду інфармацыі аб праблеме аўтызму. Такая дата абраная адмыслова, бо фокус дзейнасці тэатра накіраваны на праблему дзіцячага аўтызму. У цэлым праект мае важную місію: распаўсюджваць ідэю грамадства роўных магчымасцяў на нацыянальным узроўні.
За чатыры гады дзейнасці тэатр зладзіў 41 спектакль для 16 200 гледачоў. Цяпер у тэатры займаецца 130 акцёраў, сярод якіх 43 дзіцяці з аўтызмам. Дагэтуль тэатр не мае ўласнай пляцоўкі для паказаў і рэпетыцый, але спектакль «Аднойчы ў вялізным горадзе» — па аповесці Ф. Дастаеўскага — стаў першай магчымасцю выступіць на сцэне Купалаўскага.

Аднойчы ў вялізным горадзе…
… маленькія акцёры выйшлі на вялікую сцэну. Для 100 хлапчукоў і дзяўчат гэта быў сапраўдны паслякалядны цуд — апынуцца перад трыма сотнямі гледачоў у адной з найбольш статусных тэатральных залаў краіны. Але цуд не прыходзіць адзін.
У незвычайным праекце на Ulej.by сышліся нобелеўская лаўрэатка Святлана Алексіевіч, чэмпіён свету па муай-тай і саліст BRUTTO Віталь Гуркоў, рок-гурт NIZKIZ, а таксама два тэатры: Сямейны інклюзіў-тэатр «і» ды Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы. Усе яны прапанавалі свае лоты: чаяванне, адмысловы ўрок па муай-тай, запрашэнні на прэзентацыю новага альбома гурта, квіткі на спектакль «Аднойчы ў вялізным горадзе» і гадавыя запрашэнні на ўсе спектаклі Купалаўскага.


Такім чынам, кожны мецэнат мог не проста дапамагчы рэалізаваць пастаноўку, але і прыдбаць нешта эксклюзіўнае для сябе.
Вядомыя ўдзельнікі праекта і ўнікальныя лоты дапамаглі запусціць навіну пра пачатак краўдфандынгу максімальна шырока: пра кампанію напісалі TUT.by, Citydog, Наша Ніва, БелТА, Минск-Новости; відэасюжэты паказалі каналы ТВ3, Беларусь-1, Белсат. Сумарна запуск праекта праанансавалі 23 СМІ. У сацсетках карыстальнікі зрабілі больш за 50 публікацый, сярод аўтараў — спявачка PALINA, музыка Сяргей Башлыкевіч, дызайнерка LATUSHKINA, fashion-стылістка Kati German ды іншыя.

Па выніку, ужо ў дзень запуску краўдфандынгу была сабраная мінімальная сума для паказу спектакля (2000 BYN). Але амаль дзве сотні месцаў у зале заставаліся вольныя — таму трэба было працягваць прамоцыю праекта.

Трэба больш лотаў!
Каб медыя працягвалі асвятляць кампанію, а грамадства працягвала яе падтрымліваць, ініцыятары пастаноўкі дадалі яшчэ больш цікавых лотаў. Так, інклюзіўную пастаноўку на сцэне Купалаўскага падтрымаў папулярны постпанк-гурт «Молчат дома». Пакупніку іх лота музыкі прапанавалі прыйсці на мінскі канцэрт і атрымаць у падарунак фірмовы сувенір ад вакаліста.

Акрамя таго, сталі даступныя іншыя лоты, напрыклад, на адзін дзень стаць блогерам-аглядальнікам і пратэсціраваць незвычайныя забавы і мінскія кавярні ў кампаніі obzoor.by, атрымаць сервіраваны столік на дваіх у рэстаране Enzo да Дня святога Валянціна або прагуляцца па закуліссі тэатра імя Янкі Купалы.
Пра апгрэйд краўдфандынгавай кампаніі напісалі БелТА, Kyky.org, Obzoor.by, Prodetok.by і іншыя.
Усё найлепшае — дзецям!
Чарговы эксклюзіўны лот, што з’явіўся напярэдадні завяршэння краўдфандынгавай кампаніі, — запрашэнне на майстар-клас для дзяцей ад акцёраў Купалаўскага: Паўла Харланчука і Крысціны Дробыш. Каб дзіця трапіла на ўрок, яго бацькам трэба было паспець набыць адмысловы лот ад Купалаўцаў — ён, дарэчы, «сышоў» ужо ў першыя хвіліны пасля з’яўлення.

Майстар-клас з Купалаўцамі анансавалі 15 СМІ, сярод якіх TUT.by, Relax.by, Наша Ніва, Kp.by, Budzma.by, тэлеканалы ОНТ, СТВ.
Вынікі
Самы галоўны вынік: першы інклюзіўны спектакль на сцэне Купалаўскага адбыўся! Усе квіткі на яго раскупілі — а гэта амаль тры сотні месцаў. Яшчэ каля 1,5 мільёна беларусаў прачыталі або пачулі мэсэдж праекта са СМІ і сацыяльных сетак. Сумарна ў сродках масавай інфармацыі выйшла 50 публікацый, каля 100 — у сацыяльных сетках.
Неабходны мінімум для пастаноўкі мецэнаты пералічылі ўжо ў першыя суткі краўдфандынгавай кампаніі. За астатні месяц праекта на Ulej назбіралася 5 258 рублёў — амаль у 3 разы больш, чым заяўлялі арганізатары. Усе сродкі, што засталіся пасля паказу спектакля, былі пералічаныя на падтрымку дзейнасці тэатра: найперш арэнду пляцоўкі для рэпетыцый.
Такім чынам, краўдфандынг з эксклюзіўнымі лотамі, якіх не прыдбаеш ні ў адным іншым праекце, — нетрывіяльная і эфектыўная форма дабрачыннага збору сродкаў. І канешне, талент не вызначаецца дыягназам — гэты факт пацвердзіла паспяховая кампанія і актыўны ўдзел грамадства ў пастаноўцы першага інклюзіўнага спектакля на сцэне Купалаўскага.

Каманда PR-студыі Sette:
● Аліса Матавілава — менеджар;
● Ганна Клімовіч — крэатыўны дырэктар;
● Ганна Буднік — медыяменеджар;
● Максім Гамеза — медыяменеджар;
● Паліна Гаўрыш — менеджар;
● Павел Марцінчык — фатограф.
Каманда Сямейнага інклюзіў-тэатра «і»:
● Ірына Пушкарова — кіраўнік тэатра;
● Леанід Дзінярштэйн — прадзюсар;
● Кацярына Шулякоўская — псіхолаг;
● Юлія Купрыенка — старшыня праўлення Фонда;
● Ігар Сідорчык, Генадзь Фамін, Дзіяна Флеер, Раман Мякатных, Аляксандра Сандлер, Павел Архангельскі, Сяргей Ісакаў, Дзяніс Дадзішкіліяні, Раіса Астрэтдзінава, Галіна Аерава, Яна Хмялеўская, Яўген Бортнік, Марына Сато, Крысціна Уласенка, Ілона Грышчук, Аляўціна Мохарава, Ганна Новік, Яўгенія Навасельцава, Аляксандра Мядзведзева, Анастасія Сычова, Аляксандра Фёдарава — творчая каманда тэатра.
